БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1944—54. Утворана 20.9.1944 з раёнаў Магілёўскай, Мінскай і Палескай вабл. Цэнтр — г. Бабруйск. Пл. 19,7 тыс. км², нас. 654,9 тыс. чал. (1953). Уключала 14 раёнаў (Акцябрскі, Асіповіцкі, Бабруйскі, Глускі, Грэскі, Капыльскі, Кіраўскі, Клічаўскі, Любанскі, Парыцкі, Слуцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Чырвонаслабодскі), 4 гарады (Асіповічы, Бабруйск, Слуцк, Старыя Дарогі), 8 гар. пасёлкаў (Глуск, Капыль, Клічаў, Любань, Старобін, Парычы, Урэчча, Чырвоная Слабада), 4 рабочыя пасёлкі (Глуша, Градзянка, Ялізава, Ясень). Абл. газ. «Савецкая Радзіма». 8.1.1954 Бабруйская вобласць скасавана: Акцябрскі і Парыцкі р-ны перададзены ў Гомельскую, Асіповіцкі, Бабруйскі, Кіраўскі і Клічаўскі р-ны — у Магілёўскую, астатнія — у Мінскую вобл.

т. 2, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)